Беларуская АЭС будзе гатовая да завозу ядзернага паліва ў 2019



Прэм’ер-міністр Сяргей Румас 24 лістапада ажыццявіў рабочую паездку ў Гарадзенскую вобласць, дзе наведаў пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС і інфраструктуры Астраўца, паведамляе прэс-служба ўрада.

На БелАЭС Румас абмеркаваў з гендырэктарам дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксеем Ліхачовым ход работ на станцыі. Як растлумачыў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, беларускі бок задаволены ходам работ, існыя пытанні будуць вырашаныя ў найбліжэйшыя два тыдні. „На кожным з аб’ектаў адзначаныя крытычныя пункты, па большасці з іх рашэнні прынятыя ўжо. У найбліжэйшыя два тыдні будуць адрэгуляваныя астатнія пытанні. Зараз работы праводзяцца згодна з планам”, — сказаў Ляшэнка.

Прэм’ер-міністр наведаў ключавыя аб’екты станцыі, яму прадэманстравалі вытворчую базу, цэнтральны шчыт кіравання АЭС, навучальна-трэніровачны цэнтр, дзе рыхтуюць персанал. Як праінфармавалі кіраўніка ўрада, на аб’екце выкладзена 96% прадугледжанага праектам аб’ёму бетону (1,1 млн куб. м), змантавана 99% арматуры (156 тыс. т). На другім энергаблоку змантаваны корпус рэактара і асноўнае абсталяванне рэактарнай устаноўкі, вядзецца мантаж тэхналагічных трубаправодаў і пачаты мантаж сістэм турбіны.

Зараз на пляцоўцы БелАЭС працуюць прыблізна 8 тыс. чалавек будаўніча-мантажнага персаналу, беларускімі арганізацыямі выканана прыкладна 60% агульнага аб’ёму работ.

Першы намеснік генеральнага дырэктара па аперацыйным кіраванні дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксандр Лакшын адзначыў, што Беларуская АЭС будзе гатовая да завозу ядзернага паліва ў пачатку 2019 года. Зараз будаўніцтва яе першага блока на завяршальным этапе.

Падчас рабочай паездкі прэм’ер-міністр таксама наведаў інфармацыйны цэнтр БелАЭС у Астраўцы, агледзеў аб’екты сацыяльнай інфраструктуры і жылую забудову для энергетыкаў.

З пачатку будаўніцтва атамнай станцыі тут здадзеныя ў эксплуатацыю 46 жылых дамоў на 2.737 кватэр. Абнавілася інфраструктура: пабудаваныя дзіцячыя сады, школа, паштовае аддзяленне, крамы і кафэ, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам.

У найбліжэйшыя два гады ў эксплуатацыю плануецца ўвесці школу на 720 навучэнцаў, дзіцячы сад на 150 месцаў, бальнічны комплекс на 370 ложкаў, гандлёвы цэнтр і іншыя аб’екты.

Беларуская АЭС ўзводзіцца за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

belapan.by