Беларуская АЭС патаннела з 10 мільярдаў даляраў да 7?



Дэпутат Ганна Канапацкая задала пытанне кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Яна спаслалася на амбасадара Расеі і сказала, што РФ знізіла цану на Беларускую АЭС на 3 мільярды. Назвала цану на электрычнасць у раёне 4 цэнтаў. Канапацкая запыталася пра канкрэтную цану.

У адказ Лукашэнка сказаў, што расейскі амбасадар «не ўмее лічыць і шкодзіць Расеі». Гаворка вялася пра цяперашняга амбасадара Міхаіла Бабіча.

«У нас крэдытнае пагадненне было на 10 мільярдаў даляраў. Але я сказаў Пуціну, што рэальная цана будзе меншай за 7 мільярдаў. Чаму ў нас станцыя аказалася таннейшай? Жастачайшы кантроль. Кожную запчастку, адкуль бы яна ні ішла, мы паставілі на дзяржаўны кантроль. Мне асабіста дакладваюць пра кожную падзею. У нас жа развітая фобія пасля Чарнобыля. Па цане на электраэнергію я не ведаю, якой яна будзе. Калі цана будзе ніжэйшая, мы на яе вешаць нічога не будзем. Я не антынародны прэзідэнт. Мы будзем імкнуцца, каб яна была ніжэйшай», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пагадненне аб будаўніцтве Беларускай АЭС паміж Беларуссю і Расеяй было падпісана ў 2011 годзе. Яе будаўніцтва вядзецца за кошт расейскага крэдыту.

Паводле svaboda.org

Фота: REUTERS