Беларуская АЭС паўплывае на развіццё аднаўляльных крыніц энергіі?
Міністэрства энергетыкі не выступае супраць развіцця ў Беларусі аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у сувязі з будаўніцтвам АЭС. Пра гэта 5 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі Сяргей Грэбень.
„Няправільна казаць, што мы згортваем развіццё АКЭ, мы выступаем за гарманічнае развіццё ўсіх відаў крыніц энергіі. У нас ёсць магутнасці, якія мы мадэрнізавалі, што дало эфект, у тым ліку зніжэнне тарыфаў для спажыўцоў”, — адзначыў Грэбень, адказваючы на пытанне, ці не спыніцца развіццё АКЭ з уводам у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі.
Ён нагадаў, што цяпер праходзіць стадыю ўзгаднення закон аб электраэнергіі, які прадугледжвае гарманічнае развіццё ўсіх відаў крыніц энергіі.
Грэбень таксама запэўніў, што ўвод у эксплуатацыю Беларускай АЭС дасць магчымасць яшчэ больш знізіць тарыфы на электраэнергію для спажыўцоў. На ўдакладняючае пытанне, наколькі, ён заўважыў, што пакуль гэта пралічваецца. „Але тарыф знізіцца з улікам разліку сабекошту і нават пры неабходнасці выканання крэдытных абавязацельстваў перад Расеяй за фінансаванне будаўніцтва АЭС”, — сказаў прадстаўнік міністэрства.
Таксама, паводле яго слоў, Беларуская АЭС стымулюе развіццё ў краіне электратранспарту і інфраструктуры для яго, замену газавых крыніц цяпла на электрычныя.
Разам з тым намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі, выступаючы 28 верасня на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Менску, заявіў, што Мінэнерга будзе хадайнічаць аб зніжэнні павышальных тарыфаў на куплю электраэнергіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц. На яго думку, сітуацыя з укараненнем АКЭ „не вельмі нармальна развіваецца”. „Я ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час Мінэнерга ўнясе адпаведную прапанову аб памяншэнні такога значнага стымулявання АКЭ”, — паведаміў Закрэўскі.