Беларуская бытавая тэхніка губляе пакупнікоў



Беларуская бытавая тэхніка страчвае папулярнасць ва Украіне. За апошнія тры месяцы значна скараціліся продажы прадукцыі беларускіх брэндаў “Атлант”, “Гефест” і “Белвар”.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Яшчэ паўтара года таму беларускія лядоўні “Атлант” мелі нішу ў 10-12% украінскага рынку. Пральныя машыны “Атланта” займалі, адпаведна, каля 4-5% рынку. Невялікі, але сталы адсотак украінцаў былі пакупнікамі мікрахвалёвых печак, газавых і электрычных плітаў, фенаў і электрамясарэзак беларускай вытворчасці.

Выглядае на тое, што цяпер “Атланту”, “Гефесту” і “Белвару” ўвогуле давядзецца сыходзіць з Украіны. Прычына не толькі ў эканамічным крызісе і падзенні пакупніцкага попыту. Украінскі рынак перанасычаны тэхнікай карэйскіх, японскіх і еўрапейскіх брэндаў, пры гэтым суадносіны “цана – якасць”, відавочна, не на карысць беларускіх вытворцаў.

Аналітыкі рынку мяркуюць, што ў такіх жорсткіх умовах той жа “Атлант” можа застацца ва Украіне толькі ў тым разе, калі не будзе падвышаць кошты, але ж ва ўмовах інфляцыі грыўні гэта азначае значныя эканамічныя страты.

Два гады таму ўкраінскі рынак “Атланта” складаў 22,8% экспарту. Цяпер гэтая лічба не дасягае і 10%.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота segodnya.ua