Беларуская эканоміка працягне свой абвал
У наступным годзе беларуская эканоміка працягне падаць. І пачне аднаўляцца толькі ў 2018-м. Такі прагноз далі эксперты Міжнароднага валютнага фонду, якія правялі кансультацыі з уладамі рэспублікі. Спецыялісты фонду адзначаюць, што сёлета валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыцца на 3%, у 2017-м – на паўпрацэнты, а ў 2018-м чакаецца прырост на тыя ж паўпрацэнты. Што тычыцца інфляцыі, у бягучым годзе яна павінна скласці 13%. Прагнозы экспертаў Міжнароднага валютнага фонду каментуе кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка:
– Вазьміце звычайны калькулятар і палічыце. Калі ў вас 300 даляраў заробак і ён павялічыцца на 1% за год, то ў вас будзе 303 даляры. Вы што, будзеце гэтаму радавацца?!
Эксперты МВФ, якія вядуць з беларускімі ўладамі перамовы аб новай крэдытнай праграме, рэкамендуюць Беларусі да 2018-га году дасягнуць поўнай кампенсацыі выдаткаў за жыллёва-камунальныя паслугі, працягнуць умацоўваць бюджэтную аснову ды займацца пенсійнымі рэформамі, і ў прыватнасці падвышаць пенсійны ўзрост да 65-ці гадоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя