Беларуская эканоміка застаецца ўразлівай
Такую думку выказаў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Пітэр Долман на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Паводле экспертаў МВФ, беларускай эканоміцы патрэбныя рэформы дзяржаўнага сектара.
Эканаміст Леў Марголін кажа, што на такія змены не пойдзе кіраўнік дзяржавы.
– Наш урад ужо неаднаразова абяцаў зрабіць хаця б нешта: памяняць сістэму кіравання, каб раздзяліць кіраванне дзяржаўнай уласнасцю і стварыць правілы, па якіх яна існуе. Але нават гэта не робіцца, бо дзяржаўная ўласнасць для Лукашэнкі – гэта сістэмная карова, якую ён сам баіцца кранаць і нікому гэта зрабіць не дазволіць.
Касметычныя змены ў беларускай эканоміцы, у тым ліку падвышэнне тарыфаў ЖКГ, жорсткая грошавая палітыка, якая прывяла да стабілізацыі курса валют, не вырашаць усіх праблем. Менавіта рэформы ў дзяржаўным сектары могуць палепшыць становішча, і ў гэтым галоўным чынам разыходзяцца пазіцыі МВФ і беларускіх уладаў, лічыць Леў Марголін.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя