Беларуская гаспадарка „з’ядае” ўсё больш датацый
Штогадовыя датацыі беларускай сельскай гаспадаркі з боку дзяржавы складаюць у сярэднім 5 мільярдаў даляраў.
Аграпрамысловы комплекс краіны крэдытуецца банкаўскімі ўстановамі пад прымусам і кантролем уладаў, аднак эфекту ад такіх захадаў няма: кошт крэдытаў дасягае 45% гадавых, у той час, як рэнтабельнасць продажаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не перавышае 10%. Калгасы і саўгасы не ў стане выконваць умовы крэдытавання, у выніку чаго расце іх запазычанасць.
На думку кіраўніка „Навукова-даследчага цэнтра Мізэса” Яраслава Раманчука, эканамічная палітыка дзяржавы ў дачыненні да аграпрамысловага комплекса выглядае бездапаможна:
– Мільён авечак у нас мы не вырасцім, мармуровае мяса мы не вырасцім. За што дзяржава не бярэцца, ува што ўкладае трыльёны рублёў, усё ў правале. Унутраныя рэсурсы хутка вычэрпваюцца, таму самае страшнае, што зноў чарговы эксперымент будзе за кошт малога і сярэдняга бізнеса, які заплаціць сваімі рэсурсамі.
Падобным чынам выглядае сітуацыя і ў галіне перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Ажыццяўленне мадэрнізацыі і як след вялікая запазычанасць прывялі да таго, што перапрацоўчыя прадпрыемствы вымушаныя палову прыбытку накіроўваць на аплату банкаўскіх крэдытаў.
Беларускае Радыё Рацыя