БКК дамовілася аб павышэнні цаны на пастаўку ўгнаенняў у Індыю
Беларуская калійная кампанія (БКК) дамовілася аб павышэнні цэны на пастаўку калійных угнаенняў у Індыю.
Як паведамляе прэс-служба кампаніі, „у межах цеснага ўзаемадзеяння паміж БКК і найбуйнейшым індыйскім імпарцёрам мінеральных угнаенняў, кампаніяй IPL, 5 красавіка была ўстаноўленая новая кантрактная цана на пастаўкі калійных угнаенняў на індыйскі рынак — 280 даляраў за тону на ўмовах CFR”. Гэта на 33 долары больш за дагаворную цану ў студзені гэтага года, падкрэслілі ў БКК.
„Дасягнутае пагадненне з’яўляецца чарговым крокам у гарманічным і планамерным развіцці як індыйскага, так і сусветнага рынку калію”, — гаворыцца ў паведамленні беларускай кампаніі.
Як адзначыла прэс-служба БКК, дасягненне дамоўленасці „стала магчымым дзякуючы ўзважанаму падыходу да вядзення бізнесу і агульнага імкнення да збалансаванага і разумнага развіцця калійнага рынку, які дэманструюць удзельнікі пагаднення”.
БКК падзякавала кампаніі IPL, назваўшы яе сваім стратэгічным партнёрам у Індыі і адзначыўшы, што „вельмі высока шануе той узровень узаемнага даверу і павагі, які звязвае абедзве кампаніі на працягу многіх гадоў”.
ААТ „Беларуская калійная кампанія” было заснаванае ў 2013 годзе, з’яўляецца эксклюзіўным экспарцёрам калійных угнаенняў вытворчасці ААТ „Беларуськалій”. За гады працы ажыццявіла пастаўкі беларускага калію амаль у 140 краін.