Беларуская калійная кампанія падпісала кантракт з Індыяй



Беларуская калійная кампанія, якая з’яўляецца эксклюзіўным экспарцёрам угнаенняў, падпісала кантракт на пастаўку угнаенняў у Індыю, паведамілі БелаПАН у кампаніі.

Індыя — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў беларускіх калійных угнаенняў. Кантракт заключаны з індыйскай кампаніяй IPL. Згодна з дамоўленасцямі, БКК будзе прадаваць угнаенні па 280 долараў за тону.

„Гэта пагадненне будзе садзейнічаць павелічэнню попыту з боку індыйскіх фермераў, а таксама з’яўляецца пацвярджэннем агульнага імкнення БКК і IPL да гарманічнага і ўстойлівага развіцця галіны”, — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Пры гэтым у БКК падкрэслілі, што „ўстаноўленая цана не толькі адлюстроўвае цяперашнюю кан’юнктуру, але і стварае перспектыву для актывацыі ўгнаенчага бізнесу ва ўсіх ключавых рэгіёнах”.

У студзені—жніўні экспарт беларускіх калійных угнаенняў склаў 7,4 млн тон. „Мы завяршылі восем месяцаў з чарговым рэкордам (для гэтага перыяду) па экспарце прадукцыі”, — паведаміла журналістам у верасні генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец. Яна адзначыла, што аб’ёмы экспарту ўгнаенняў у будучыні будуць залежаць ад стану сусветнага рынку мінеральных угнаенняў, а таксама ад вынікаў перамоў з асноўнымі спажыўцамі беларускай прадукцыі — Індыяй і Кітаем.

Паводле інфармацыі БелаПАН, Мінфін у праект бюджэту на 2020 год заклаў экспарт калійных угнаенняў на ўзроўні 9,96 млн тон.

„Мы заўсёды глядзім на рынак пазітыўна, але прагнозы, якія ўплываюць на разлікі бюджэту, мы даем з песімістычным ухілам, каб разлічваць на горшае і атрымаць лепшае”, — пракаментавала гэтыя ацэнкі кіраўнік БКК.

Адказваючы на пытанні журналістаў, яна адзначыла, што цану продажу калійных угнаенняў у 2019—2020 гадах прадказаць вельмі складана. „Пытанне цаны — гэта пытанне дамоўленасцяў, залежыць ад інтарэсаў прадаўца і пакупніка. Мы гатовыя да любых сцэнарыяў развіцця падзей”, — адзначала Кудравец.

Паводле яе слоў, кампанія не бачыць асаблівых праблем у тым, што ў перыяд да 2023 года магутнасці вытворцаў мінеральных угнаенняў у свеце будуць перавышаць патэнцыйны попыт на іх. „Мы павінны быць эфектыўнымі, мабільнымі і хутка прымаць рашэнні. Магутнасці заўсёды перавышаюць прапановы на рынку калійных угнаенняў. Мы да гэтых умоў прыстасаваліся, і нас гэта не палохае”, — падкрэсліла Кудравец.

belapan.by

Фота belpc.by