Беларуская прамысловасць „садзіцца на мель”
Змяншэнне ўзроўню рэальнага прыбытку насельніцтва, праблемы са збытам прадукцыі на расейскім рынку і змяншэнне інвестыцыйнага попыту – сталі асноўнымі прычынамі істотнага скарачэння аб’ёмаў прамысловай вытворчасці беларускімі прадпрыемствамі. У параўнанні з мінулым годам вытворчасць паменела больш як на 7%. Паводле Белстата, рост зафіксаваны толькі ў двух з сямнаццаці відаў вытворчасці – хімічнай прамысловасці, а таксама вытворчасці кокса і нафтапрадуктаў. Як зазначае старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандар Бухвостаў, прычыны адмоўнай сітуацыі хаваюцца не толькі ў наступствах крызісных з’яваў:
– У нас усе крычалі, што нельга замежных інвестараў пускаць на прадпрыемствы. Што, маўляў, гэта нацыянальныя прадпрыемствы. Гэта глупства. Таму што глабалізацыя мае сёння такі высокі ўзровень, што ёсць, напрыклад, прадпрыемства „Галандскія аўтамабілі”, а там увогуле галандскай ўласнасці няма. Трэба было слушна выбудоўваць тэхнічную палітыку, запрашаць інвестараў, і магчыма ў прамысловасці была б лепшая сітуацыя.
Скарачэнне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці беларускімі прадпрыемствамі адмоўна адбіваецца на іх працы. Асабліва складанай сітуацыя выглядае на прадпрыемствах, якія спецыялізуюцца на апрацоўцы метала: амаль палова ўсіх стратных заводаў належаць гэтай галіне.
Беларускае Радыё Рацыя