Беларускі Альфа-Банк прыпыняе міжнародныя доларавыя пераводы
Беларускі Альфа-Банк папярэдзіў кліентаў, што з 6 траўня прыпыняе міжнародныя даляравыя пераводы. Гэта звязана з тым, што Citibank вырашыў закрыць яго карэспандэнцкі рахунак. І гэта „нягледзячы на тое, што Альфа-Банк у Беларусі не знаходзіцца ў санкцыйным спісе”.
„Калі чакаеце перавод у далярах з-за мяжы, паведаміце адпраўніку, што аплатныя рэквізіты з указаннем банка-карэспандэнта Citibank сапраўдныя толькі да 6 траўня”, — адзначылі ў Альфа-Банку.
Там таксама расказалі, што цяпер актыўна шукаюць новых партнёраў і спадзяюцца аднавіць міжнародныя даляравыя пераводы. Але на гэта спатрэбіцца некаторы час. Рабіць пераводы і плацяжы ў далярах унутры краіны па-ранейшаму можна. Валютныя карты таксама працуюць у стандартным рэжыме.
Нагадаю, санкцыі былі ўведзеныя супраць расейскага Альфа-Банка. У сувязі з гэтым у пачатку красавіка яго беларускі цёзка ўжо зазнаваў цяжкасці — быў вымушаны часова прыпыняць SWIFT-пераводы ў далярах.