Беларускі электрамабіль атрымае новы кузаў



Беларускія навукоўцы распрацавалі беларускі электрамабіль і ўжо прадставілі першы экзэмпляр. Ён зроблены ў кузаве кітайскай маркі Geely, бо аўто гэтай фірмы збіраюцца ў Беларусі на сумесным прадпрыемстве «БелДжы».

Што да серыйнай вытворчасці, то яшчэ невядома, хто будзе ў супрацы з беларусамі, кажа гендырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудаўніцтва Акадэміі навук Сяргей Паддубка.

– Канешне, выбар кузава быў прадыктаваны тым, што мы хацелі, каб аўтамабіль быў беларускім. Таму выбралі мякка кажучы адзінага вытворцу  – «БелДжы». Хоць маглі ўзяць любы іншы кузаў. Каб аўтамабіль быў даступным, ён мусіць быць серыйным. Таму пажадана дамовіцца з пэўнай кампаніяй, якая прадаставіць нам кузаў. Хацелася б, каб гэта быў Geely, але перамовы яшчэ не адбыліся.

Нагадаем, 31 жніўня Аляксандр Лукашэнка пратэставаў электрамабіль Tesla – сусветнага лідара ў такіх распрацоўках. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад айчынных спецыялістаў не адставаць ад лепшых узораў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота БелТА