Беларускі інвестыцыйна-прамысловы форум пройдзе ў Менску
З 17 па 20 верасня ў Мінску адбудзецца Беларускі інвестыцыйна-прамысловы форум, паведамляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП).
Форум пройдзе ў Футбольным манежы „і збярэ кіраўнікоў міністэрстваў, найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый, прыватных і дзяржаўных кампаній, інвестыцыйных фондаў, адміністрацый індустрыяльных паркаў, СМІ”, гаворыцца ў паведамленні.
Асноўная мэта форуму — „прэзентацыя прамысловага патэнцыялу Беларусі, а таксама магчымасцяў для двухбаковага супрацоўніцтва”.
У праграме форуму, які праводзіцца пад патранажам беларускага ўрада з 1997 года, — выставы, панэльныя дыскусіі, канферэнцыі і кантактна-кааперацыйныя біржы. У ліку яго арганізатараў НАІП, Мінпрам, Мінэканомікі, Мінадукацыі, Мінжылкамгас, Мінпрыроды, Мінэнерга, „Белнафтахім”.
Як заяўляюць суарганізатары, сярод асноўных задач форуму — павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі, „мабілізацыя айчынных і замежных прыватных інвестыцый у эканоміку краіны”.
У 2018 годзе ў Беларусь паступілі прамыя замежныя інвестыцыі (на чыстай аснове) у 1,6 млрд даляраў. Праект нацыянальнай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый да 2035 года прадугледжвае, што да 2025 года дзяржава падвоіць аб’ём прыцягнутых прамых замежных інвестыцый (да 3 млрд даляраў).
belapan.by