Беларускі крыпта-талер з’явіцца на біржах у 2018?
Першая беларуская крыптавалюта талер у студзені 2018 года можа пачаць каціравацца на міжнародных біржах. Пра гэта стваральнікі беларускай крыптавалюты Дзяніс Лаўнікевіч і Сяргей Лаўрыненка паведамілі на прэс-канферэнцыі 29 снежня ў Менску.
Ідэя стварэння талера прыйшла ім у галаву ў ліпені гэтага года, а яго днём нараджэння лічыцца 13 верасня, калі прайшла першая транзакцыя. Талер заснаваны на тэхналогіі блокчэйн. Гэта значыць, з’яўляецца размеркаванай (дэцэнтралізаванай) крыптавалютай, якая не мае адзінага эмісійнага цэнтра і цэнтралізаванага кіравання. Жыццяздольнасць, цэласнасць сістэмы талера, транзакцыі ўнутры сістэмы і эмісія новых манет забяспечваюцца камп’ютарнай сеткай саміх карыстальнікаў талера.
„Галоўная ідэя была ў тым, каб, па-першае, Беларусь не адстала ад сусветных тэндэнцый. Па-другое, праверыць уласныя сілы і веды, набрацца вопыту. Ну, і, вядома, стварыць нейкі эканамічны інструмент, які можа быць задзейнічаны ў самых розных бізнесах. Але мы ні ў якім разе не пазіцыянуем талер як канкурэнт беларускаму рублю”, — распавёў Лаўнікевіч.
У цяперашні час першую беларускую крыптавалюту можна купіць і прадаць за іншыя крыптавалюты на біржы, якая была запушчаная карыстальнікамі талера.
„Цяпер буйныя біржы не спраўляюцца з патокам заявак. На іх дастаткова складана і дорага выйсці. Паколькі мы сябе пазіцыянуем як некамерцыйны праект, у нас не хапала ні сіл, ні сродкаў з імі цягацца, таму хлопцы з нашай каманды нас выручылі і запусцілі сваю маленькую біржу”, — кажа Сяргей Лаўрыненка.
Паводле слоў Лаўнікевіча, курс талера на гэтай біржы за апошні час значна вырас — „з лічаных цэнтаў да практычна аднаго долара”. „Ён будзе толькі даражэць. Гэта незваротны працэс. Мы гэта бачым на прыкладзе біткоіна, які ў пачатку года каштаваў менш за тысячу долараў”, — перакананы Дзяніс Лаўнікевіч.
Паводле яго слоў, агульная капіталізацыя талера на біржы перавысіла мільён долараў. На гэты момант намайнена парадку трох мільёнаў талераў. Эмісія абмежаваная 23 мільёнамі талераў.
У той жа час людзям, якія недастаткова кампетэнтныя ў сферы крыптавалют, стваральнікі талера не рэкамендуюць разглядаць яго як інвестыцыйны інструмент. „Гэта ўсё роўна вельмі рызыкоўныя інвестыцыі. Зараз талер, як і біткоін, таксама скача. 50% кошту на працягу дня можна папросту страціць”, — падкрэслівае Сяргей Лаўрыненка.
У будучым стваральнікі талера плануюць выйсці на міжнародныя, а таксама беларускія біржы, якія будуць стварацца ў межах прэзідэнцкага дэкрэта № 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”.
„Я думаю, што мы будзем у топе біржаў не толькі Беларусі, але і ў рэгіёне. Таксама будзем пашыраць прысутнасць на міжнародных біржах па меры наяўнасці сродкаў на гэта”, — адзначыў Лаўрыненка.