Беларускі незалежны прафсаюз: Забастоўкі на буйных прадпрыемствах працягваюцца



Забастоўкі на буйных прадпрыемствах працягваюцца, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў.

„Людзі збіраюцца на мітынгі, усюды — па-рознаму. Зараз фармуюцца страйкамы, і прапановы пра страйк і патрабаванні вылучаюць страйкамы”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, некаторыя прадпрыемствы працягваюць працаваць. „Няпроста спыніць тэхналагічныя працэсы на некаторых прадпрыемствах, за дзень гэта не зробіш. Што тычыцца „Паліміра” і „Нафтана”, там і так працуе ў лепшым выпадку паўпрадпрыемства, таму што частка абсталявання прастойвае. „Гродна Азот” збіраецца спыняцца, „Беларуськалій” — ужо стаіць”, — распавёў прафсаюзны лідар.

Ён нагадаў, што асноўныя патрабаванні страйкоўцаў: адстаўка Лукашэнкі, сумленныя выбары, спыненне гвалту з боку сілавікоў і расследаванне таго, што адбылося, пакаранне вінаватых. Працоўныя гатовыя страйкаваць датуль, пакуль не будуць выкананыя іх патрабаванні.

17 жніўня падчас сустрэчы з рабочымі Мінскага завода колавых цягачоў Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што ўладу не аддасць. „Яны людзей атруцілі сацсеткамі. І ў некаторых склалася меркаванне: усё, улады няма, улада пала. Улада ніколі не падзе. Вы мяне ведаеце. А з імі мы разбярэмся. Проста трэба пацярпець”, — сказаў ён.

belapan.by