Беларускі рубель ляціць у прорву разам з расейскім
На таргах БВФБ у Менску 11 студзеня адбыўся істотны курс даляра і еўра. Даляр падвысіўся на 296 рублёў да адзнакі 19 048.
Еўра вырас адразу на 637 рублёў да 20 737.
А вось расейскі рубель абваліўся аж на 4,32 рублі да 250,21 беларускіх рублёў.
Сёння расейскі фондавы рынак абваліўся следам за падзеннем азіяцкіх біржаў. Па дадзеных на 11 раніцы індэкс РТС знізіўся практычна на 4%, а індэкс ММВБ – на 2,44%.
У першыя 10 хвілін таргоў страты былі вышэйшыя: РТС абваліўся на 4,8%, а ММВБ – больш чым на 3%.
Падзенне расейскага фондавага рынку звязана з абвалам цэнаў на нафту, які адбыўся на святах. Сёння нафта Brent упала яшчэ на 2%.
Барыс Жаліба: Як бачым, дэвальвацыйныя працэсы разганяюцца. І, калі на наступных таргах яны не замарудзяцца ці не адкруцяцца назад, у бок узмацнення беларускага рубля, то нацыянальная валюта можа моцна абваліцца. Гэта звязана яшчэ і з тым, што напачатку года многія прадпрыемствы думаюць, ці прадаваць валюту, а таму, магчыма, попыт на валюту на біржы значна перавысіў прапанову.
РР: Акрамя таго, кошты на нафту працягваюць зніжацца…
Барыс Жаліба: Гэта таксама важны чыннік і знаходзіцца, калі не ў прамой, то ва ўскоснай сувязі з фарміраваннем валютнага курса. Зніжэнне коштаў на нафту дэвальвуе расейскую валюту, а апошняя цягне за сабой і беларускі рубель.
РР: Дэвальвацыя працягнецца?
Барыс Жаліба: А хіба ў гэтым нехта сумняваецца? Пытанне ў тым, каб працэс не набыў абвальны характар, як ужо не раз назіралася. Для эканомікі гэта – горш за ўсё.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота udf.by