Беларускі рубель страчвае пазіцыі ва Украіне



Беларуская нацыянальная валюта імкліва страчвае пазіцыі ва Украіне. Яшчэ некалькі гадоў таму на рынках ўкраінскіх мястэчак, сумежных з Беларуссю, можна было разлічыцца беларускімі грашыма. Але  цяпер нават там усё часцей патрабуюць разлік у грыўнях.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Украінскія пункты абмену валют беларускі рубель не прымаюць. Прычына – вялікая колькасць нулёў на банкнотах, што стварае пэўныя нязручнасці ў разліках, а таксама няўстойлівы курс нашай нацыянальнай валюты. З беларускім рублём ва Украіне працуюць толькі валютчыкі на вакзалах і рынках.

Калі яшчэ ў жніўні за 100 000 беларускіх рублёў валютчыкі давалі  155 грыўняў, то ў верасні гэтая лічба паменшылася да 145. Цяпер за купюру з выявай Нясвіжскага замка Радзівілаў даюць толькі 120 грыўняў.

На поўначы Чарнігаўскай вобласці, насельніцтва якой шмат у чым залежыць ад памежнага гандлю, беларуская валюта таксама страчвае папулярнасць. Беларускі рубель згодныя прымаць толькі тыя, хто рэгулярна ездзіць у Гомельскую вобласць з камерцыйнымі мэтамі.

У той самы час, нягледзячы на вайну і складаную эканамічную сітуацыю, курс грыўны да даляра і еўра застаецца ва Украіне суадносна стабільным.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота joke24x.ru