Беларускі ўрад мае намер перавесці эканоміку на рынкавыя рэйкі?



Палітыка новага беларускага ўрада можа стымуляваць рынкавыя рэформы ў краіне. Такое меркаванне выказаў галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сяргей Гурыеў падчас відэаканферэнцыі, адказваючы на пытанні БелаПАН. 

Каментуючы сустрэчу прадстаўнікоў ЕБРР з першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Аляксандрам Турчыным, якая адбылася 5 лістапада, Гурыеў паведаміў, што на ёй абмяркоўваліся кірункі супрацы паміж банкам і Беларуссю.

„Мы абмяняліся пунктамі гледжання на перспектывы беларускай і сусветнай эканомікі. У цэлым сустрэча атрымалася пазітыўнай. Мы пачулі запэўніванні ў тым, што новы ўрад прыхільны да курсу на перавод беларускай эканомікі на рынкавыя рэйкі, паступовай прыватызацыі”, — паведаміў Гурыеў.

Паводле яго слоў, для ЕБРР пытанне пра тое, ці будзе ў Беларусі прыватызацыя ці не, з’яўляецца ключавым.

„Прадстаўнікі беларускага ўрада запэўніваюць нас, што такія пагадненні будуць, і па некаторых праектах мы бачым вялікую падрыхтоўчую працу ў кірунку прыватызацыі”, — падкрэсліў Гурыеў.

У сувязі з гэтым ён выказаў надзею, што прыватызацыйныя здзелкі ў найбліжэйшы год у Беларусі адбудуцца.

„Гэта сапраўды вельмі важна, бо дзяржпрадпрыемствы не такія эфектыўныя ў параўнанні з прыватнымі кампаніям. Дзяржпрадпрыемствы з’яўляюцца крыніцай праблем для дзяржбанкаў, што ў сваю чаргу можа ўплываць на макраэканамічную стабільнасць”, — адзначыў Сяргей Гурыеў.

На яго думку, прыватызацыю ў Беларусі не варта ўвесь час адкладваць.

„У выпадку адкладвання прыватызацыі будзе працягваць назапашвацца праблема дрэнных крэдытаў у банкаўскай сістэме. Таму прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў павінна праводзіцца акуратна, але яна важная, таму што дае магчымасць стварыць добрае асяроддзе для новых бізнесаў”, — мяркуе галоўны эканаміст ЕБРР.

Эксперт адзначыў, што тэма падвышэння эфектыўнасці дзяржсектара вельмі актуальная для многіх краін.

„Асаблівасць дзяржпрадпрыемстваў, і гэта праблема тычыцца не толькі Беларусі, у тым, што яны маюць залішнюю занятасць. Па сваёй прыродзе дзяржпрадпрыемствы з’яўляюцца часткай сацыяльнага кантракта, у рамках якога дзяржава забяспечвае занятасць тых работнікаў, якіх бы прыватная кампанія не ўзяла на працу”, — канстатаваў Гурыеў.

Таму прыватызацыя, дадаў ён, у большасці краін суправаджаецца скарачэннем колькасці занятых на дзяржпрадпрыемствах.

„Калі ў працэсе прыватызацыі звольненыя супрацоўнікі пацерпяць і дзяржава пра іх не паклапоціцца, то грамадствам такая прыватызацыя будзе ўспрымацца нелегітымнай. Грамадства будзе лічыць, што прыватызацыя адбываецца на карысць адных за кошт іншых”, — мяркуе Гурыеў.

Каб прыватызацыя была ўхваленая большасцю насельніцтва, яе правядзенне неабходна суправаджаць мерамі сацыяльнай падтрымкі, рэзюмаваў галоўны эканаміст ЕБРР.

БелаПАН