Беларускі ВУП у 2015 годзе знізіўся на 3,9%



Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2015 годзе ў параўнанні з папярэднім знізіўся на 3,9%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Гадавы ВУП у наяўных цэнах склаў 869 трлн. 701,7 млрд. рублёў.

Пры гэтым аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 2015 годзе склаў 729 трлн. рублёў, што на 6,6% менш, чым у папярэднім годзе. Запасы гатовай прадукцыі на складах блізу канца года ацэньваюцца ў 33,5 трлн. рублёў, што складае 68,7% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Сельскагаспадарчай прадукцыі ў мінулым годзе выпушчана на 136,7 трлн. рублёў, што на 2,8% менш, чым годам раней.

Гадавы аб’ём інвестыцый у асноўны капітал ацэньваецца ў 206,3 трлн. рублёў, што ніжэй за ўзровень 2014 года на 15,2%.

Увод у эксплуатацыю жылля паводле вынікаў года склаў 5 млн. 58,4 тыс. кв. м агульнай плошчы — на 8,4% менш, чым у папярэднім годзе.

Рознічны тавараабарот у 2015 годзе склаўся на ўзроўні 347,3 трлн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на 0,2%.

Згодна з указам прэзідэнта ад 1 снежні 2014 года № 550 „Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2015 год” рост ВУП планаваўся на ўзроўні 0,2—0,7%.

У 2014 годзе ВУП краіны павялічыўся на 1,7%. На бягучы год ўлады плануюць рост эканомікі на 0,3%.

belapan.by