Беларускім прадпрыемствам плануецца прадаставіць падатковыя канікулы
Беларускім прадпрыемствам плануецца прадаставіць падатковыя канікулы. Аб гэтым 23 сакавіка журналістам у парламенце паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.
МПЗ разглядае магчымасць прадастаўлення падатковых канікул. „Такое даручэнне дадзена прэм’ер-міністрам. Сумесна з зацікаўленымі, у першую чаргу з Мінфінам, галіновымі міністэрствамі яно будзе разгледжана і будзе прынята рашэнне”, – праінфармаваў Сяргей Налівайка.
Ён удакладніў, што размова ідзе аб прадастаўленні адтэрміноўкі па выплаце падаткаў. „Пакуль дэталізацыі няма. Усе гэтыя пытанні знаходзяцца ў прапрацоўцы. Думаю, да канца месяца рашэнне павінна быць прынята”, – лічыць міністр.
У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц пракаменціраваў магчымасць прадастаўлення крэдытных канікул прадпрыемствам. Пакет мер прадугледжвае часовыя паслабленні для банкаў з пункту гледжання патрабаванняў па кіраванні рызыкамі. „Гэта трэба якраз для таго, каб яны маглі, улічваючы аб’ектыўныя абставіны, падыходзіць да прадпрыемстваў, іх запазычанасці больш гібка з пункту гледжання растэрміноўкі па часе выплаты працэнтаў і асноўнага доўгу”, – сказаў ён.
У Нацбанку не чакаюць, што ў беларусаў будуць расці даўгі па крэдытах. „Не думаю, што гэта будзе мець масавы характар. Тым больш што мы ацэньваем гэтыя наступствы як не вельмі доўгатэрміновыя. З улікам рэкамендаванага механізма, гэта значыць прадастаўлення пралангацыі, думаю, што тут сур’ёзных змяненняў не будзе”, – дадаў Сяргей Калечыц.