Беларускія банкі дапамаглі медыкам у змаганні з COVID-19
На працягу сакавіка–красавіка беларускія банкі аказалі медыкам дапамогу на суму большую за 2,2 млн рублёў у змаганні з пандэміяй COVID-19.
Банкі выдзелілі сродкі альбо набылі і перадалі ўстановам аховы здароўя Беларусі медыцынскую тэхніку і абсталяванне (у прыватнасці, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, сістэмы абагравання хворых, дэфібрылятары, пульсаксіметры), сродкі індывідуальнай абароны медыцынскага персаналу і дэзынфекцыі.
Як адзначае АББ, банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі аказваюць дапамогу медустановам па ўсёй краіне. У прыватнасці, банкамі пералічана каля 570 тыс. рублёў на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя, адкрыты ў Рэспубліканскім цэнтры арганізацыі медыцынскага рэагавання.
«Прымаючы пад увагу складаную эпідэміялагічную сітуацыю і ўсведамляючы сацыяльную адказнасць бізнесу, усе беларускія банкі і іншыя арганізацыі фінансавага сектара краіны актыўна ўключыліся і дапамагаюць нашым медыкам у барацьбе з каронавірусам. І гэтая дапамога будзе працягнутая», – пракаментавала выканаўца абавязкаў старшыні Асацыяцыі беларускіх банкаў Ганна Кавалёва.
Беларускае Радыё Рацыя