Беларускія банкі пачалі ўкараняць бескантактавыя плацежныя бранзалеты



Беларускія банкі пачалі ўкараняць бескантактавыя плацежныя бранзалеты. Новую тэхналогію першым прапанаваў насельніцтву „Прыёрбанк”, дзе лічаць, што бранзалеты павінны стаць альтэрнатывай банкаўскім карткам для бескантактавай аплаты тавараў або паслуг.

Як паведамілі БелаПАН у „Прыёрбанку”, бранзалет зроблены досыць проста. У ім знаходзіцца паменшаная неперсаніфікаваная картка Visa Classic для бескантактавых плацяжоў. З дапамогай бранзалета можна аплачваць у адзін дотык пакупкі, рахункі ў кавярнях, крамах, аптэках або праезд у метро. Бацькі могуць аформіць бранзалет дзіцяці.

Для плацяжу дастаткова паднесці бранзалет да тэрмінала, пасля чаго тавар або паслуга будуць аплачаныя імгненна. Для надзейнасці банк апавясціць аб кожнай аперацыі з дапамогай SMS. З кожнай пакупкі ў сетцы партнёраў частка грошай будзе вяртацца назад на рахунак па праграме KEYcard.

Разлічвацца бранзалетам можна ў Беларусі і за мяжой — у любым месцы, дзе прымаюць бескантактавую аплату. У выпадку куплі да 80 рублёў працэс аплаты з дапамогай бранзалета адбываецца імгненна, бо ў большасці выпадкаў уводзіць ПІН-код не патрэбна. Кошт бранзалета на першым этапе знізілі да 40 рублёў.

„Плацежны бранзалет можна заўсёды насіць з сабой: ён воданепранікальны і не баіцца перападаў тэмператур. З ім зручна на пляжы, у саўне, аквапарку або басейне, яго можна ўзяць у спартзалу, у кавярню або наведаць з ім любімыя канцэрты і фестывалі. Некаторы час пайшоў на тэставанне тэхналогіі, і цяпер яна даступная ўсім жадаючым. Бранзалет стане зручным дадаткам да карткі або смартфона з дадаткам для бескантактавай аплаты, а з улікам невысокай цаны і шырокага функцыяналу можа атрымаць шырокае распаўсюджанне сярод беларусаў”, — лічаць у „Прыёрбанку”.

belapan.by

Фота: finance.tut.by