Беларускія банкі праспансуюць свята на радзіме Лукашэнкі



 Беларускія банкі ў 2019 годзе возьмуць удзел у фінансаванні свята „Купалле” („Александрыя збірае сяброў”). Такое меркаванне БелаПАН выказалі прадстаўнікі банкаў, каментуючы адпаведны запыт Нацыянальнага банка.

Галоўны банк краіны гэтай восенню накіраваў камерцыйным банкам ліст з просьбай паведаміць да 1 снежня, якая з крэдытных арганізацый гатовая аказаць бязвыплатную дапамогу для фінансавання мерапрыемстваў свята „Александрыя збірае сяброў”. Яно штогод праходзіць летам у Шклоўскім раёне на радзіме Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара лічаць, што крэдытныя арганізацыі чарговы раз возьмуць удзел у фінансаванні гэтага свята, якое рэгулярна праводзіцца з 2010 года.

„Нацбанк даўно ўжо курыруе падрыхтоўку гэтага мерапрыемства. Раней рэгулятар звяртаўся да канкрэтных банкаў з індывідуальнымі просьбамі аказаць бязвыплатную дапамогу для фінансавання свята, а зараз адпаведны ліст Нацбанка разышоўся па ўсёй сістэме”, — адзначае суразмоўца БелаПАН у банкаўскіх колах.

Паводле слоў банкіраў, крэдытныя арганізацыі штогод частку прыбытку накіроўваюць на дабрачынную (спонсарскую) дапамогу — на фінансаванне спартыўных, культурных мерапрыемстваў, а таксама на падтрымку ўстаноў адукацыі і аховы здароўя.

Разам з тым фінансаванне свята ў Шклоўскім раёне, у якім аддзяленні многіх банкаў адсутнічаюць, пазбаўленае асаблівага сэнсу, лічыць банкір. „Таму з уласнай ініцыятывы мы не сталі б фінансаваць гэтую падзею ў Александрыі”, — падкрэсліў адзін з удзельнікаў банкаўскага сектара.

Чальцы праўлення беларускіх банкаў лічаць, што рэспубліканскія святы павінны фінансавацца за кошт бюджэту.

„У кожнага банка за гады дзейнасці склалася структура дабрачыннай дапамогі. А паколькі свята ў Александрыі стала рэгулярным, даўно варта было прапісаць радок у бюджэце Магілёўскага аблвыканкама і фінансаваць гэтую падзею выключна за кошт казны, а не звяртацца штогод з прашэннямі да банкаў”, — мяркуе суразмоўца ў банкаўскіх колах.

Упершыню фестываль „Александрыя збірае сяброў” прайшоў у 2010 годзе. Ідэю праводзіць фэст у аграгарадку Александрыя падтрымаў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН

Фота mogilevnews.by