Беларускія банкі рыхтуюцца да дэвальвацыі?



Беларускія банкі чакаюць, што нацыянальная валюта ў 2024 годзе можа дэвальвавацца. Паводле прагнозаў некаторых фінансавых устаноў, беларускі рубель можа аслабець да 10% адносна цяперашніх паказчыкаў.

Такі прагноз прадстаўнікі банкаў зрабілі на Кірмашы фінансавання ў Менску. Пра гэта піша Office Life. Адзначаецца, што шмат што будзе залежаць ад курсу расейскага рубля, паколькі абедзве валюты моцна ўзаемазвязаныя.

Да прыкладу, адзін з чальцоў праўлення “Парытэтбанка” Дзмітрый Захараў паведаміў, што банк закладае ў свае планы на наступны год наступныя курсы валют: даляр – 3 рублі  40 капеек, еўра – 3 рублі 60 капеек. Пры гэтым у большасці банкаў лічаць, што аслабленне беларускай валюты будзе адбывацца без рэзкіх скачкоў курсу пры адсутнасці новых негатыўных фактараў і форс-мажорных сітуацый.

На БМЗ запэўніваюць, што ў іх усё добра

На Беларускім металургічным заводзе не плануюць скарачаць персанал. Пра гэта заявіў намеснік генеральнага дырэктара Андрэй Кулакоўскі. Больш за тое, кажа ён, “кіраўніцтва думае пра стварэнне новых вытворчасцяў, каб больш упэўнена пачувацца на рынку”.  “Паказчыкі па вытворчасці выкананы на 110%, што дазваляе прадпрыемству нармальна функцыянаваць… БМЗ мае вельмі шмат замоў..”, – дадаў Кулакоўскі.

Як прыгадвае “Зеркало”, у красавіку 2022 года на БМЗ заяўлялі, што сутыкнуліся з лагістычнымі праблемамі. Тады генеральны дырэктар Дзмітрый Корчык казаў, што “сітуацыя напружаная”, і што на заводзе занятыя пошукам новых рынкаў збыту.

Сярэдні заробак у Польшчы перавысіў 1880 даляраў

Па звестках Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, сярэдні заробак у сектары прадпрыемстваў у кастрычніку склаў 7544,98 злотых (гэта больш за 1880 даляраў), гэта значыць на 12,8 працэнта вышэй, чым у аналагічны перыяд мінулага года, піша Польскае радыё. Найбольшы рост датычыцца галіны здабычы карысных выкапняў. Але гэта заробак “бруднымі”, “чыстымі”, то бок пасля ўсіх выплат, заробак складзе прыкладна 5281 злоты, або 1320 даляраў.

“Наша Ніва” дае для параўнання лічбы па Беларусі, дзе ў верасні сярэдні заробак “бруднымі” склаў 1939 рублёў і 80 капеек. Гэта прыкладна 605 даляраў. На рукі такім чынам выходзіць 520 даляраў, а гэта ў 2,5 разу менш, чым у Польшчы.

Сусветны рынак гарэлкі: як змянілася спажыванне

Расейскі Федэральны цэнтр развіцця экспарту прадукцыі АПК апублікаваў падрабязны агляд сусветнага рынку гарэлкі. У аглядзе адзначаецца, што ў мінулым годзе аб’ёмы сусветнага спажывання гарэлкі склалі ў вартасным выражэнні 73,6 мільярды даляраў. Годам раней было каля 66 мільярдаў. Агулам, пачынаючы з 2018 года, сусветны рынак гарэлкі штогод рос.

Еўропа з’яўляецца лідзіруючым рэгіёнам па аб’ёмах спажывання гарэлкі, на яе прыпадае каля 53,1% рынку гэтага віду прадукцыі ў натуральным выражэнні. Далей ідуць Паўночная Амерыка і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён.

Што тычыцца цэн, то летась сярэдні экспартны кошт гарэлкі склаў $3287 за тону, і гэта амаль на 22% даражэй за цэны 2021 года. Сярэдняя імпартная цана склала $3511 за тону прадукцыі, піша officelife.media.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.