Банкі Беларусі сутыкнуліся з праблемамі з плацяжамі праз SWIFT
Кліенты беларускіх банкаў паведамілі аб праблемах з пераводамі з-за мяжы. У Альфа-Банку выказалі здагадку, што замежныя банкі-пасярэднікі яшчэ не выпрацавалі ўнутраных правілаў працы з пераводамі ў Беларусь пасля ўведзеных санкцый, паведамляе РБК.
Кліенты беларускіх банкаў масава скардзяцца на праблемы з пераводамі за мяжу, а многім не прыходзяць грошы з-за мяжы. Аб праблемах заявілі кліенты БСБ Банка, «Дабрабыта», БПС-Ашчадбанка, Белвэб, Беларусбанка, Белаграпрамбанка, Прыорбанка і Альфа-банка.
Паводле інфармацыі Office Life, праблемы з пераводамі паўсталі як у фізічных асоб, так і ў кампаній. У адной з іх выданню паведамілі, што «ёсць праблемы нават з пераводамі з трэціх краін». «Калі партнёр, які знаходзіцца не ў ЕЗ, пераводзіць сумы ў еўра, нярэдка транзакцыі не прапускаюць банкі-карэспандэнты ў Еўразвязе», — гаворыцца ў артыкуле.
Прэс-служба Альфа-банка ў Беларусі прызнала, што «апошні час з адзінкавымі аперацыямі, якія здзяйсняюцца пры дапамозе SWIFT, узнікаюць складанасці». Замежныя банкі-пасярэднікі, праз якіх выконваецца перавод, яшчэ не выпрацавалі ўнутраных правілаў працы з пераводамі ў Беларусь і з яе пасля нядаўна ўведзеных санкцый, выказалі здагадку ў банку.
«Як толькі банкі-партнёры выпрацуюць рэгламенты ўзаемадзеяння, праблема вырашыцца. Праўда, на гэта можа сысці некалькі месяцаў», — дадалі ў прэс-службе.
Нацыянальны банк Беларусі адмовіўся ад каментароў. «Звяртайцеся ў камерцыйныя банкі», — параілі Office Life у прэс-службе рэгулятара. У Прыёрбанку адмовіліся ад каментароў, у Беларусбанку паабяцалі даць тлумачэнне пазней.