Беларускія банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы крэдытавання



Камерцыйныя банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы пазык для ўсіх катэгорый крэдытаатрымальнікаў, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацбанка, падрыхтаваным на аснове апытання топ-менеджараў камерцыйных банкаў.

У трэцім квартале камерцыйныя банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы крэдытаў „для ўсіх катэгорый бізнесу”, адзначаюць аўтары аналітычнага агляду.

Таксама сталі больш жорсткімі ўмовы рэфінансавання раней выдадзеных крэдытаў у замежнай валюце крэдытамі ў беларускіх рублях для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

Разам з гэтым, гаворыцца ў аглядзе Нацбанка, сталі больш жорсткімі патрабаванні да фінансавага становішча ўсіх крэдытаатрымальнікаў.

„Патрабаванні да забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы сталі больш жорсткімі як для прадстаўнікоў бізнесу, так і для фізічных асоб (на спажывецкія патрэбы)”, — канстатуюць спецыялісты рэгулятара.

Паводле дадзеных камерцыйных банкаў, узмацненне жорсткасці крэдытавання адбылося ў сувязі з недахопам рэсурсаў.

„Змена сітуацыі з ліквіднасцю ў банках значна паўплывала на ўзмацненне жорсткасці ўмоў крэдытавання ўсіх катэгорый крэдытаатрымальнікаў”, — паведамілі прадстаўнікі камерцыйных банкаў падчас апытання Нацбанка.

Нагадаем, у трэцім квартале пасля прэзідэнцкіх выбараў пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў краіне прывяло да адтоку дэпазітаў з камерцыйных банкаў. Праблемы з ліквіднасцю для банкаў абвастрыліся таксама ў сувязі з тым, што Нацбанк, прымаючы меры па зніжэнні націску на валютны курс беларускага рубля, абмежаваў у трэцяй дэкадзе жніўня даванне камерцыйным банкам рублёвай ліквіднасці (гэтыя абмежаванні працягнутыя да 19 студзеня).

Варта зазначыць, у першым квартале 2021 года, гаворыцца ў аглядзе Нацбанка, камерцыйныя банкі чакаюць змякчэння ўмоў крэдытавання для буйнога бізнесу. Пры гэтым у аглядзе не прыводзіцца абгрунтавання такіх чаканняў.

„Думаю, урад будзе ціснуць на зніжэнне рублёвых ставак. Але гэта відавочна і цяпер. Пытанне ў тым, ці дазволіць макраэканоміка гэта зрабіць”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

belapan.by