Беларускія грузаперавозчыкі папрасілі дапамогі ўрада
19 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас зрабіў рабочую паездку ў Менскі раён, дзе наведаў аўтатранспартныя прадпрыемствы СТАА „ПраЛіў” і ТАА „Джэнці-Спедышн”. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні ў сферы міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў, паведамляе прэс-служба ўрада.
Перавозчыкі пазначылі некалькі праблем, для вырашэння якіх, на іх думку, патрэбна дапамога ўрада. У прыватнасці, гаворка ішла пра дазволы на перавозкі ў зносінах з іншымі краінамі. Напрыклад, цяпер у беларускіх перавозчыкаў ёсць 75 тыс. дазволаў, выдадзеных расейскім бокам, аднак гэтай колькасці недастаткова. Кіраўніцтва транспартных кампаній таксама асцерагаецца адтоку кадраў у краіны Балтыі і Польшчы. На фоне дэфіцыту вадзіцеляў-міжнароднікаў у Германіі туды ўсё часцей працаўладкоўваюцца супрацоўнікі польскіх і прыбалтыйскіх кампаній. Адпаведна, у суседніх краінах зацікаўлены прыцягнуць працоўную сілу з Беларусі, ствараюць адпаведныя ўмовы для гэтага.
Перавозчыкі таксама прапаноўваюць працягнуць дзеянне ўказа аб вызваленні грузавікоў стандарту „Еўра-6” ад утылізацыйнага збору на 2019 год. Акрамя таго, транспартныя кампаніі просяць урад скараціць справаздачнасць, якую трэба рыхтаваць кіроўцам у паездках.
Сяргей Румас даручыў падрыхтаваць і перадаць у Савет міністраў адпаведныя матэрыялы, і ў прыватнасці параўнальны аналіз умоў працы беларускіх і расійскіх перавозчыкаў. Што тычыцца сістэмы аплаты працы і камандзіровак, то цяпер ва ўрадзе разглядаюць магчымасць перагляду сістэмы аплаты сутачных i расходаў на пражыванне пры камандзіроўках за мяжу. Гэтыя дзве сумы могуць аб’яднаць у адну — камандзіраваны сам будзе вызначаць, якую частку выдаткаваць на пражыванне, а якую — як сутачныя.
Варта адзначыць, што на беларуска-расійскіх перамовах, якія прайшлі 21 верасня ў Сочы, сярод іншага абмяркоўвалася сітуацыя з квотамі для беларускіх перавозчыкаў.
„Мы таксама абмяркоўвалі пытанне нашых грузаперавозчыкаў. Гэта ненармальна, што Расейская Федэрацыя, выдаючы дазволы на перавозку грузаў, павялічыла для Польшчы, Літвы, Латвіі гэтыя дазволы (іх колькасць) аж у тры разы за апошнія тры гады, у той жа час знізіўшы іх для беларускіх перавозчыкаў. Ну якая ж тут Саюзная дзяржава…” — расказаў Аляксандр Лукашэнка 22 верасня ў Менску на нарадзе з членамі ўрада.
„Дарэчы, гэта здзівіла прэзідэнта Расеі, і я так разумею, што яго проста не інфармавалі па гэтым пытанні. Але сказаў (Уладзімір Пуцін), што гэта ненармальна. Мы гэта пытанне абмяркоўвалі і сам-насам. І што мы павінны выправіць гэту сітуацыю. Зноў жа, пытанне за адпаведнымі членамі урадаў Беларусі і Расеі”, — дадаў Лукашэнка.