Беларускія ID-карты з’явяцца да ліпеня 2018 года



Першыя беларускія ID-карты з’явяцца да ліпеня 2018 года, калі павінна запрацаваць Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма (БІСРС), паведаміў 21 верасня на прэс-канферэнцыі міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў.

„Тэрмін у нас жорсткі — 1 ліпеня 2018 года сістэма павінна запрацаваць”, — падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, праект дазволіць забяспечыць замену ўнутранага пашпарта грамадзяніна Беларусі на ID-карту, якая стане паўнавартасным сродкам ідэнтыфікацыі грамадзян.

ID-карта будзе мець дзве асноўныя функцыі — заменіць беларускі пашпарт, а таксама стане ключом-доступам грамадзяніна для атрымання розных відаў электронных адміністрацыйных паслуг. „У прынцыпе, такія карты ёсць у многіх краінах свету, і калі будуць прынятыя адпаведныя міжурадавыя пагадненні, па ID-карце можна будзе перасякаць межы нашай краіны. Акрамя таго, карта стане ключом-доступам замяніць розныя віды дакументаў, да прыкладу правы кіроўцы”, — сказаў Папкоў.

Паводле яго слоў, першы этап рэалізацыі праекта практычна завершаны. „Мы ўжо падрыхтавалі тэхнічнае заданне, у найбліжэйшыя дні міжведамасная рабочая група „ўзаконіць” яго. І тады будзе аб’яўлены конкурс на распрацоўку апаратна-праграмнага комплексу БІСРС”, — растлумачыў кіраўнік Мінсувязі.

У тэставым рэжыме сістэму плануецца запусціць у красавіку. „З 1 ліпеня пачнецца камерцыйная эксплуатацыя БІСРС, да гэтага тэрміну першыя карты мы ўжо пачнем выдаваць. Гэтым будзе займацца МУС. Сістэма наймагутнейшая, складаная, трэба час, каб яе абкатаць”, — падкрэсліў кіраўнік Мінсувязі.

„Нямногія краіны рэалізавалі такі праект. Пры паспяховай, спадзяюся, рэалізацыі гэта будзе знакавы праект для нашай краіны”, — дадаў міністр.

belapan.com