Беларускія інвестыцыі ў Расеі: агучаныя лічбы



Стала вядома, колькі Беларусь інвеставала ў расейскую эканоміку ў мінулым годзе. Выданне “СБ. Беларусь сегодня” са спасылкай на першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Мікалая Снапкова называе лічбу 5,5 мільярдаў даляраў.

Па словах чыноўніка, беларуска-расейскае ўзаемадзеянне эканомік знаходзіцца на беспрэцэдэнтна высокім узроўні. Да прыкладу, з усіх вырабленых беларускіх трактароў каля 70% пастаўляецца ў Расею. У той жа час айчынны трактар амаль на 60% складаецца з расейскіх камплектуючых.

А самымі актыўнымі інвестарамі ў эканоміку Беларусі па выніках І квартала бягучага года сталі Кіпр, Расея і Нідэрланды. Па выніках мінулага года гэты топ выглядаў так: Расея, Нідэрланды і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Гандлёвыя сеткі працягнулі сацыяльныя скідкі для насельніцтва

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак Беларусі падпісалі дадатковае пагадненне аб скідках на шэраг тавараў для ўразлівых катэгорый насельніцтва. Гэтае рашэнне — не навінка, а працяг той практыкі, якая дзейнічала апошнія паўтара года. Першы раз пагадненне аб скідках 10% для ўразлівых катэгорый насельніцтва было заключана ў студзені 2022 года, а пасля яно рэгулярна працягвалася. Да пагаднення далучылася 14 сетак.

Скідка даецца пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям і малазабяспечаным слаям насельніцтва. Сярод тавараў, на якія яна распаўсюджваецца: хлеб і мука, аўсяныя шматкі і ячныя крупы, сухія макаронныя вырабы, ялавічына, свініна, курынае мяса, малако, кефір, смятана, тварог, яйкі, яблыкі, гародніна і іншыя тавары.

Што рабіць з непатрэбнымі смартфонамі? Іх у свеце 5 мільярдаў

Адразу 12 вядучых аператараў усяго свету падпісаліся пад планам некамерцыйнай арганізацыі GSM Association. Мэта гэтага дакумента – адправіць на перапрацоўку мабільныя тэлефоны, якія ўжо не выкарыстоўваюцца. А такіх назапасілася ўжо пяць мільярдаў. Каб дасягнуць гэтай мэты, усе аператары абяцаюць павялічыць прыём старых смартфонаў па трэйд-ін. Прадугледжваецца, што да 2030 года кожны пяты прададзены тэлефон будзе атрыманы аператарамі менавіта па гэтай схеме.

Пры гэтым кожны атрыманы аператарам па трэйд-ін тэлефон будзе адрамантаваны для паўторнага выкарыстання або перададзены на перапрацоўку. Па падліках экспертаў, пры рамонце тэлефона ўздзеянне на клімат памяншаецца на 87% у параўнанні з вытворчасцю новага апарата. Да таго ж дэталі з перапрацаваных смартфонаў могуць выкарыстоўвацца і ў новых. Эксперты падлічылі, што калі перапрацаваць ужо назапашаныя тэлефоны, то можна атрымаць золата, паладыю, срэбра і іншых важных элементаў на $8 млрд. А з кобальту, які змяшчаецца ў смартфонах, можна зрабіць 10 млн акумулятараў для электрамабіляў. (Office Life)

Даляр пайшоў угару

29 чэрвеня на Беларускай валютна-фондавай біржы былі ўстаноўлены наступныя афіцыйныя курсы замежных валют: курс даляра – 3.03, курс еўра – 3.28. Пры гэтым курс даляра падрос адразу на палову працэнта, то бок на 2 капейкі.

Для параўнання: у пачатку года курсы былі наступныя: даляр — 2.73, еўра — 2.90. Сімвалічная планка ў тры рублі ўжо перакрочаная.

І адразу глянем на курсы валют у Польшчы: даляр – 4.07 злотых, еўра – 4.45 злотых.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: rbauto.ru.