Беларускія крамы абавязалі прадаваць папяровыя пакеты
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зацвердзіла пастанову № 72, якое прадугледжвае абавязковую наяўнасць у гандлёвых аб’ектах рознага фармату мяшкоў (пакетаў) з паперы і аднаразовага посуду і сталовых прыбораў з паперы, паведаміла прэс-служба ведамства.
Рашэнне прынятае «з мэтай ажыццяўлення паэтапнага пераходу ад выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі тавараў да выкарыстання экалагічна бяспечнай упакоўкі з паперы». Адначасова гэтай пастановай мінімізаваная колькасць найменняў пластыкавых пакетаў і посуду з пластыка ў абавязковых асартыментных пераліках тавараў.
Дзеянне пастановы № 72 распаўсюджваецца на крамы з універсальным асартыментам тавараў, змешаныя, спецыялізаваныя і вузкаспецыялізаваныя, кіёскі, павільёны, гандлёвыя абʼекты, размешчаныя на аўтазаправачных станцыях, і іншыя.
«Новаўвядзенне накіраванае на забеспячэнне пакупніку магчымасці выбраць від упакоўкі – традыцыйную поліэтыленавую або экалагічна бяспечную папяровую», – пракаментавалі ў МАРГ.
«Хопіць гэтага пластыку. Мала таго, што труцім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша Сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 мая ў Менску, наведваючы сталовую ў Студэнцкай вёсцы.
«У нас жа паперы – колькі хочаш, шкла – колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішніх дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Варта зазначыць, што Аляксандр Лукашэнка за апошнія некалькі месяцаў неаднаразова заяўляў пра неабходнасць паступовай адмовы ад выкарыстання пластыкавай тары, якая наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Беларусь выйшла з прапановай пры разглядзе тэхнічных рэгламентаў у Еўразійскім эканамічным саюзе забараніць выкарыстанне аднаразовай упакоўкі з неперапрацоўваных матэрыялаў, у прыватнасці тонкага пластыку.