Беларускія мытнікі выявілі больш за 80 спробаў увозу ў РФ санкцыйных тавараў
Мытныя органы Беларусі з пачатку года выявілі больш за 80 адміністрацыйных правапарушэнняў па фактах незаконнага перамяшчэння прадукцыі ў Расею.
„Мытнымі органамі Беларусі працягваецца правядзенне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і спыненне перамяшчэння па тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза асобных катэгорый тавараў, у дачыненні да якіх уведзеная забарона на ўвоз у Расейскую Федэрацыю. Толькі з пачатку 2018 года ўжо выяўлена 84 адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаных з незаконным увозам у Расею тавараў санкцыйнай групы”, — гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Па сямі фактах спроб незаконнага ўвозу такіх тавараў на тэрыторыю ЕАЭС распачатыя крымінальныя справы. Прадухілены ўвоз больш як 1,6 тыс. т плодаагародніннай прадукцыі коштам больш за 3,5 млн беларускіх рублёў.
Як адзначаюць у ДМК, часцей за ўсё ў дакументах на такія тавары паказаныя няслушныя ці недакладныя звесткі, у шэрагу выпадкаў таварасуправаджальныя дакументы і зусім адсутнічаюць. Практычна на кожную з незаконна перамешчаных партый прадукцыі адсутнічаюць фітасанітарныя сертыфікаты, якія пацвярджаюць іх бяспеку.
Нагадаем, у 2017 годзе мытныя органы Беларусі прадухілілі ўвоз у Расею каля 10 тысяч тон санкцыйных тавараў.
З 2014 года Расея захоўвае харчовае эмбарга ў якасці санкцый у адказ на абмежавальныя меры заходніх краін, якія былі ініцыяваныя ў сувязі з далучэннем да РФ украінскага Крыма і сітуацыяй у Данбасе. Расейскія санкцыі прадугледжваюць забарону на імпарт некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з ЗША, краін ЕС, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Нарвегіі, Украіны, Албаніі, Ліхтэнштэйна, Чарнагорыі і Ісландыі. Указам прэзідэнта Расеі ад 30 чэрвеня 2017 года дзеянне спецыяльных эканамічных мер працягнутае да 31 снежня 2018 года.