Беларускія мытнікі затрымалі 40 тон сыру



Супрацоўнікі Менскай рэгіянальнай мытні спынілі незаконны ўвоз на тэрыторыю ЕАЭС сыру еўрапейскіх марак агульнай вагой 40 тон. Паводле дакументаў, у трох машынах праз мяжу ехаў „сырны прадукт”, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.

Аднак падчас дагляду супрацоўнікі мытні выявілі, што замест часткі заяўленага „сырнага прадукту” ў аўтамабілях вязуць сыр нямецкай, галандскай і французскай вытворчасці. Кошт яго істотна перавышаў кошт задакументаванага тавару. Калі б махінацыя ўдалася, фірма-ўладальнік зэканоміла б на мытных плацяжах больш за 400 тысяч рублёў. Да таго ж, на сыр не было неабходных дакументаў ветэрынарнага кантролю.

Агульны кошт сырнай кантрабанды ацэньваецца ў 1 мільён 200 тысяч рублёў. Менская рэгіянальная мытня пачала крымінальную справу.