Беларускія нафтапрадукты могуць страціць расейскі рынак
Беларусь можа значна скараціць або зусім спыніць пастаўкі паліва ў Расею на фоне змен у расейскім Падатковым кодэксе. Гэтыя змены прадугледжваюць скарачэнне шэрагу субсідый і пачынаюць дзейнічаць з верасня, піша “Коммерсант”.
Да гэтага часу беларускія НПЗ пастаўлялі паліва на Санкт-Пецярбургскую міжнародную таварна-сыравінную біржу праз расейскага трэйдара „Промсырьеимпорт”. Пры гэтым трэйдар атрымліваў з бюджэту РФ субсідыі ў рамках так званага нафтавага дэмпфера (гэта механізм, пры якім памяншаецца розніца паміж экспартным коштам паліва і ўнутранай цаной).
Пастаўкі беларускага паліва па такой схеме пачаліся ў мінулым верасні. Расея такім чынам спрабавала падтрымаць беларускія НПЗ, якія праз вайну ва Украіне пазбавіліся рынку збыту. І за гэты перыяд „Промсырьеимпорт” атрымаў звыш 1 млрд расейскіх рублёў субсідый (больш за 10 млн долараў). З гэтага верасня дэмпферныя выплаты памяншацца ўдвая.
Крыніцы выдання мяркуюць, што беларускія НПЗ у выніку перанакіруюць сваё паліва, якое цяпер прадаюць у Расею, у далёкае замежжа. Пастаўляць паліва будуць праз расейскія парты.
Экспарт расце, але за кошт чаго?
Экспарт расце ў асноўным за кошт паставак у Расею і “дружалюбныя краіны”. Рост па выніках першага паўгоддзя склаў $5,6 млрд. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова. Паводле яго слоў, Беларусь поўнасцю кампенсавала зніжэнне паставак ва Украіну і “недружалюбныя краіны”.
Аднак не ўсё так пазітыўна. Імпарт нехарчовых тавараў за паўгода на $1,4 млрд перавысіў экспарт. Пры гэтым харчовых тавараў экспартавалі на $1 млрд. больш. Паводле ацэнак Снапкова, такая тэндэнцыя не з’яўляецца пазітыўнай. Дэфіцыт знешняга гандлю за першае пагоддзе дасягнуў $1,6 млрд супраць станоўчага сальда за аналагічны перыяд мінулага года па таварах у $125 млн.
Прызначаны новы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання
Сяргей Барташ прызначаны міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. Да гэтага ён працаваў памочнікам Лукашэнкі па Гомельскай вобласці, а яшчэ раней быў старшынём Бярозаўскага раённага выканкама. Аргументуючы прызначэння Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Барташ мае “прыстойны жыццёвы шлях”, мае досвед кіравання сельскагаспадарчым прадпрыемствам.
Пасада міністра сельскай гаспадаркі заставалася вакантнай апошнія два тыдні. У ліпені Лукашэнка зняў з гэтай пасады Ігара Брыло, які стаў яго памочнікам па Віцебскай вобласці.
У БДУ паднялі кошт навучання
Даражэй за ўсё абыдзецца навучанне на факультэце міжнародных адносін, а таксама юрыдычным і эканамічным факультэтах. На факультэце міжнародных адносін самай дарагой спецыяльнасцю з’яўляецца “Міжнароднае права”, цана для першага курсу раней складала 5 567 рублёў на год, а цяпер будзе 5 956 рублёў.
Агулам цана на навучанне ў БДУ ў сярэднім вырасла на сем працэнтаў. Змены ўступяць у сілу 1 верасня. Раней цэны падняліся ў шэрагу іншых сталічных ВНУ, у тым ліку ў эканамічным, лінгвістычным, педагагічным, медыцынскім універсітэтах.
Беларускае Радыё Рацыя