Беларускія НПЗ скарацілі выпуск нафтапрадуктаў



У першым квартале беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы больш чым на траціну скарацілі вытворчасць нафтапрадуктаў, якія карыстаюцца найбольшым попытам.

Так, паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, было выраблена 567,7 тыс. тон аўтамабільнага бензіну, што на 35,3% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, 971,7 тыс. тон дызельнага паліва — на 44,5% менш. Скарацілася таксама вытворчасць рэактыўнага паліва (на 40,5%) і маслаў змазачных (на 41,5%).

Рэзкае скарачэнне вытворчасці нафтапрадуктаў у першым квартале абумоўлена тым, што Беларусь і Расея не маглі доўгі час дамовіцца пра ўмовы куплі расейскай вуглевадароднай сыравіны беларускімі НПЗ. У пачатку года найбуйнейшыя расейскія кампаніі адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі. У Менску ж настойвалі на яе адмене, паколькі расейская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ.

Пасля працяглых перамоў у трэцяй дэкадзе сакавіка бакам удалося прыйсці да пагаднення. Як паведамляў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, з красавіка ўсе расейскія кампаніі атрымалі магчымасць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі.

Паводле звестак канцэрна „Белнафтахім”, у красавіку пасля ўрэгулявання паставак беларускія НПЗ былі цалкам забяспечаныя нафтай і перапрацавалі блізу 2 млн тон сыравіны. Аднак у маі аб’ём перапрацоўкі будзе зноў паменшаны ў сувязі з планавым рамонтам на Мазырскім НПЗ і зніжэннем знешняга попыту на беларускія нафтапрадукты.

belapan.by