Беларускія прадпрыемствы страцілі звыш 100 млн. долараў



Ад санкцый Рассельгаснагляду беларускія прадпрыемствы страцілі звыш 100 млн. долараў, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

З кастрычніка 2014 года Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі прадукцыі больш чым 20 беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў. Расейскае ведамства выявіла ў беларускіх таварах небясшкодныя мікробы, антыбіётыкі і геном віруса афрыканскай чумы свіней.

У снежні 2014 года пасля праверак абмежаванні на пастаўкі прадукцыі ў Расею з большай часткі беларускіх прадпрыемстваў былі зняты. Выключэнне склалі дзевяць мясакамбінатаў, у прадукцыі якіх быў выяўлены геном віруса АЧС.

На мінулым тыдні спецыялісты Рассельгаснагляду правялі аўдыт чатырох з дзевяці такіх мясакамбінатаў. „Па выніках маніторынгу нашых прадпрыемстваў 3 лютага ў Маскве на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі пройдуць перамовы, дзе будзем абмяркоўваць пытанне дазволу паставак нашай прадукцыі на расійскі рынак. Размова ідзе аб ялавічыне, уся іншая прадукцыя пастаўляецца”, – паведаміў Леанід Заяц.

Міністр ацэньвае перспектывы поўнага зняцця забароны на пастаўкі беларускага харчавання ў Расію як „самыя станоўчыя”.