Беларускія прадпрыемствы вінныя за энергарэсурсы 400 млн. даляраў
У першай палове года беларускім спажыўцам было адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на 44,16 трлн. недамінаваных рублёў, узровень аплаты энергарэсурсаў склаў 93%, паведамляе дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”.
У выніку несвоечасовай аплаты сфармавалася запазычанасць прадпрыемстваў за энергарэсурсы ў 3,1 трлн. рублёў. З улікам раней назапашанай запазычанасці даўгі за цеплавую і электрычную энергію на 1 ліпеня склалі 8 трлн. 20,1 млрд. рублёў (прыблізна 400 млн. даляраў у эквіваленце).
Згодна са звесткамі „Белэнерга”, у першым паўгоддзі не забяспечылі поўную аплату адпушчанай энергіі арганізацыі Мінпрама (узровень аплаты энергарэсурсаў склаў 67,9%), Мінбудархітэктуры (89,6%), Мінтранса (99,8%), Мінсельгасхарча (98,7% ), Мінгандлю (99,4%), канцэрнаў „Беллеспаперапрам” (72,2%), „Беллегпрам” (98,1%), „Белдзяржхарчпрам” (99%), а таксама арганізацыі шэрагу іншых міністэрстваў і ведамстваў.
Акрамя таго, паводле звестак вытворчага аб’яднання, у першай палове года назапашваліся даўгі прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці ва ўсіх абласцях. Так, у Берасцейскай вобласці ўзровень аплаты спажытых энергарэсурсаў склаў 96,3%, у Віцебскай — 86,7%, Гомельскай — 89,6%, Гарадзенскай — 93,8%, Менскай — 77,5%, Магілёўскай вобласці — 86,2%, Менску — 99%.
Асобна ў чэрвені назапашаную раней запазычанасць прадпрыемстваў за энергарэсурсы ўдалося стабілізаваць. Як паведамляе „Белэнерга”, у чэрвені спажыўцам было адпушчана электрычнай і цеплавой энергіі на 6,29 трлн. рублёў, выплачана (з улікам пагашэння раней назапашанай запазычанасці) амаль 6,3 трлн. рублёў. Пры гэтым у чэрвені прадпрыемствы шэрагу міністэрстваў і канцэрнаў працягвалі назапашваць даўгі за спажытыя энергарэсурсы.
Як паведамілі раней БелаПАН спецыялісты „Белэнерга”, з мэтай зніжэння пазыковай нагрузкі на спажыўцоў энергарэсурсаў у першай палове 2016 года было прыпыненае дзеянне нормы аб прымяненні павышальнага каэфіцыента 1,5 да тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію ў дачыненні да спажыўцоў, якія не забяспечваюць своечасовую аплату энергарэсурсаў.
Планавалася таксама прыняць рашэнні аб рэструктурызацыі назапашанай запазычанасці прадпрыемстваў. „З улікам сённяшніх рэалій асноўная задача энергазабеспячальных арганізацый на 2016 год — гэта недапушчэнне росту запазычанасці за спажытую электрычную і цеплавую энергію і забеспячэнне 100-працэнтнага збору сродкаў за наяўнае спажыванне энергіі”, — падкрэслівалі ў чэрвені гэтага года спецыялісты „Белэнерга”, адказваючы на пытанні БелаПАН.