Прадпрымальнікі збіраюцца на агульнарэспубліканскі форум
Форум пройдзе пад назовам “Вынікі, перспектывы і прапановы прадпрымальнікаў Беларусі”. Пра гэта нам паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, які нагадвае, што асноўныя праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў застаюцца ранейшымі:
– Праблемы засталіся ранейшымі – гэта Указ №222, сертыфікаты і праблема 1-га сакавіка, калі нельга будзе гандляваць рэшткамі, трэба будзе мець поўны пакет дакументаў. Для прадпрымальнікаў гэта фактычна невыканальна. На форум прыедуць прадпрымальнікі са ўсёй краіны. Прадстаўніцтва будзе вельмі шырокім. Таксама мы запрасілі органы ўлады і кіравання, але, як правіла, на нашыя мерапрыемствы яны не прыходзяць. Паглядзім, як будзе гэтым разам.
Нагадаем, што з 1-га ліпеня гэтага года пачаў дзейнічаць новы тэхнічны рэгламент Мытнага саюзу, паводле якога ўся прадукцыя, увезеная ў Беларусь з гэтага часу, павінна мець сертыфікаты, у тым ліку падцверджаныя ў адпаведных беларускіх ведамствах. Да сакавіка 2015 года індывідуальным прадпрымальнікам далі час на распродаж рэшткаў тавараў, увезеных раней. Дробныя бізнесоўцы ў пераважнай большасці лічаць, што выканаць новыя патрабаванні рэгламенту на практыцы – немагчыма.
Форум прадпрымальнікаў распачнецца ў поўдзень 8-га снежня ў сталічным гатэлі “Беларусь”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gazetaby.com