Беларускія тавары прыйшлі ў кітайскія супермаркеты



Стэнды беларускай прадукцыі 18 жніўня адкрыліся ў сетцы супермаркетаў „Чжун Бай” у горадзе Ухань, у тым ліку ў буйнейшым супермаркеце „У Шан”. 

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды. Ён падкрэсліў, што пастаўкі беларускай харчовай прадукцыі даюць магчымасць праявіць эфектыўнасць сумеснага выкарыстання сухапутных транспартных калідораў у рамках канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Пастаўкі прадукцыі сталі магчымы менавіта дзякуючы выкарыстанню магчымасці запаўнення чыгуначных кантэйнерных паяздоў, што курсіруюць паміж Кітаем і Еўропай.

Прэзентацыя стала важнай падзеяй для беларускіх вытворцаў, прадукцыя якіх упершыню афіцыйна трапіла на паліцы буйнейшай у правінцыі Хубэй сеткі супермаркетаў.

У супермаркеце прадстаўлена прадукцыя ААТ „Савушкін прадукт”, якая карыстаецца попытам. Кампанія „Ухань Ханьоу” разглядае магчымасць пашырэння наменклатуры імпартуемых тавараў, уключаючы беларускі алкаголь, шакалад і цукеркі.

Правінцыя Хубэй – адна з самых эканамічна развітых і густанаселеных у Кітаі. Насельніцтва правінцыі – 59 млн чалавек, насельніцтва сталіцы (г.Ухань) – 11 млн чалавек. Апошнім часам штогадовы прырост ВУП правінцыі складае ў сярэднім 8-9 працэнтаў.

У правінцыі – пабрацімскія сувязі з Берасцейскай вобласцю. У г.Сяагань правінцыі Хубэй 18 гадоў паспяхова функцыянуе беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства „Санцзян-Волат” (беларускі партнёр – ААТ „МЗКЦ”). З 2017 года штотыднёва ідуць пастаўкі ў правінцыю кантэйнераў малочнай прадукцыі Берасцейскай вобласці. На завяршальнай стадыі перагаворы аб стварэнні інвестарамі правінцыі Хубэй вялікага лагістычнага цэнтра ў Берасцейскай вобласці.

belta.by