Беларускія цукровыя заводы атрымалі страты па выніках 2017 года



Скідальскі цукровы камбінат і Жабінкаўскі цукровы завод па выніках працы ў 2017 годзе атрымалі страты. Пра гэта сведчыць фінансавая справаздачнасць кампаній.

Так, страта Скідальскага цукровага камбіната ў 2017 годзе склала 18,5 млн рублёў (у 2016 годзе чысты прыбытак прадпрыемства складаў 156 тыс. рублёў). У мінулым годзе выручка прадпрыемства склала 178,7 млн рублёў і скарацілася больш чым на 20 млн рублёў у параўнанні з 2016-м.

Падобныя да гэтых вынікі дзейнасці і ў другога беларускага вытворцы цукру — Жабінкаўскага цукровага завода. За 2017 год страта прадпрыемства склала 3 млн рублёў (супраць 2,2 млн рублёў прыбытку ў 2016 годзе). Выручка прадпрыемства склала 164 млн рублёў і скарацілася больш чым на 30 млн рублёў у параўнанні з 2016 годам.

Абодва прадпрыемствы належаць дзяржаве.

Як паведамлялася, у 2017 годзе павелічэнне ўраджаю цукровых буракоў выклікала перавытворчасць цукру ў Расіі, што справакавала зніжэнне цэн на гэту прадукцыю. У канцы мінулага года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ўвяло часовае дзяржаўнае рэгуляванне цэн на белы цукар на ўнутраным рынку.

Як растлумачылі ў міністэрстве, згодна з дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе вызначана магчымасць увядзення дзяржавамі-членамі цэнавага рэгулявання на таварных рынках, якія не знаходзяцца ў стане натуральнай манаполіі, „зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі”.

Згодна з рашэннем МАРГ адпускная цана франка-адпраўлення (без ПДК) на белы крышталічны цукар, які вырабляецца (увозіцца) і (або) які рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі для мэт, не звязаных з прамысловай перапрацоўкай, устаноўлена ў 1,19 рубля за 1 кг, адпускная цана франка-прызначэння (без ПДК) — 1,22 рубля.

Рознічная цана (з ПДК) вызначана на ўзроўні 1,5 рубля за 1 кг.

belapan.by