Беларускую эканоміку чакае стагнацыя



У 2020 годзе тэмпы эканамічнага росту будуць заставацца нізкімі, блізкімі да стагнацыі. Такое меркаванне выказаў кандыдат эканамічных навук Георгій Грыц.

Ён нагадаў, што афіцыйны прагноз прадугледжвае рост эканомікі на 2,8% у 2020 годзе. Пры гэтым у студзені–лістападзе 2019 года беларуская эканоміка вырасла на 1,1%.

«Для таго каб скарачаць разрыў з суседнімі краінамі, беларуская эканоміка штогод павінна расці на 4-5%. Пунктаў росту, якія б дазволілі забяспечыць такі эканамічны рост, пакуль не відаць», – адзначыў Грыц. Таму варта чакаць у новым годзе сітуацыю ў эканоміцы, блізкую да стагнацыі.

На думку эксперта, каб разлічваць на ўстойлівы эканамічны рост, неабходна вырашыць шэраг праблем у рэальным сектары.

«Пачаць варта з павышэння эфектыўнасці дзяржавы як уласніка актываў [у прамысловасці]. Ёсць шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя актывы здольныя генераваць грашовы паток, а не толькі яго з’ядаць», – падкрэсліў Грыц.

Каб аддача ад дзяржмаёмасці павышалася, неабходна вызваляць дзяржпрадпрыемствы ад няпрофільных актываў, лічыць ён.

Намеснік міністра прамысловасці Сяргей Гунько, выступаючы восенню на Беларускім прамыслова-інвестыцыйным форуме, паведаміў, што на балансе прадпрыемстваў Мінпрама знаходзіцца 29 калгасаў і дзясяткі іншых няпрофільных актываў (аздараўленчых лагераў, дамоў культуры).

«Раней гэта быў актыў – у часы добрых продажу і выручкі, а цяпер з улікам крызісных зʼяў на рынках сацыяльная інфраструктура стала пасівам для прадпрыемстваў», – канстатаваў намеснік міністра прамысловасці. Ён адзначыў, што 80% прадпрыемстваў Мінпрама хацелі б перадаць няпрофільныя актывы дзяржаве.

«Прамысловасць павінна займацца прамысловай вытворчасцю. Чаму 80%? Ёсць 20% паспяховых прадпрыемстваў, якія гатовыя ўтрымліваць няпрофільныя актывы», – паведаміў Гунько.

БелаПАН

Фота: svaboda.org