Беларускую эканоміку чакаюць выпрабаванні
Беларуская эканоміка імкліва набліжаецца да вельмі сур’ёзных выпрабаванняў. Многія беларускія прадпрыемствы, якія цалкам у крэдытах, ужо не могуць функцыянаваць без новых фінансавых уліванняў. Але новыя крэдыты банкі прапаноўваюць пад шалёныя працэнты. Кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:
– Эканоміка, бізнессектар, асабліва прамысловы сектар сапраўды знаходзяцца ў перадсмяротным стане. Проста фантастычна дарагія крэдыты, якія па стаўках з’яўляюцца па-сутнасці прывітаннем з сярэднявечча, калі ліхвяры давалі грошы пад такія шалёныя адсоткі. Яны паставілі на калені ўвесь прамысловы сектар.
Стагнацыя беларускай эканомікі, якая аб’ектыўна тлумачыцца сусветным крызісам і падзеннем попыту ў Расеі, ужо перарасла ў рэцэсію, што выкліча спад вытворчасці і запаволенне тэмпаў эканамічнага росту, – дадае эканамічны эксперт.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
