«Беларуснафта» пабудуе ветрапарк у Ашмянскім раёне



Ветраэнергетычны парк магутнасцю да 80 МВт узвядуць у Ашмянскім раёне, паведамілі ў аддзеле энергетыкі, транспарту і сувязі Гарадзенскага аблвыканкама.

2846309

Ветрапарк плануецца стварыць у раёне вёскі Лужышча Ашмянскага раёна. Рэалізоўваць праект будзе «Беларуснафта». Як паведамілі ў абласным выканаўчым камітэце, згодна з інвестыцыйным праектам на зямельным участку ў Ашмянскім раёне мяркуецца стварыць ветрапарк магутнасцю 60 МВт, для чаго ўсталяваць каля 30 ветраэнергетычных установак. Аднак інвестар разглядае магчымасць павелічэння агульнай магутнасці да 80 МВт.

Рэалізацыя інвестпраекта прадугледжваецца ў 6 этапаў да 2020 года. Аб’ём выдаткаў ацэньваецца ў 160 мільёнаў еўра. Ужо ў кастрычніку прадстаўнікі нямецкай інжынірынгавай кампаніі, якая будзе ўдзельнічаць у тэндэры на выраб абсталявання, прыедуць на мясцовасць для правядзення замераў. Ветраэнергетыка лічыцца адным з перспектыўных напрамкаў для Гарадзенскай вобласці, эксперты высока ацэньваюць патэнцыял рэгіёну ў выкарыстанні энергіі ветру.

У раёне вёскі Грабнікі ў Наваградскім раёне  «Гроднаэнерга» была ўсталяваная першая ў Беларусі ветраўстаноўка магутнасцю 1,5 МВт, якая сёння працуе больш эфектыўна, чым любы ветраагрэгат на кантынентальным шэльфе ў Еўропе, лічаць эксперты.

Ветрагенератары устаноўлены таксама ў Смаргоньскім і Дзятлаўскім раёнах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ais.by