„Беларуснафта” пачала будаўніцтва новай свідравіны ва Украіне
ТАА „Сэрвіс Ойл” – даччынае прадпрыемства „Беларуснафты” пачало бурыць чарговую свідравіну на Семірэнкаўскім газакандэнсантным радовішчы ў Палтаўскай вобласці, яе нумар – 72.
Будаўніцтва гэтай свідравіны – частка праекта, які прадугледжвае бурэнне некалькіх свідравін для кампаніі „ДТЭК Нафтагаз”.
Новы аб’ект знаходзіцца прыкладна за 1,5 км ад плошчы 61-й Семірэнкаўскай свідравіны, работу над якой завяршылі ў канцы мінулага года. Праект распрацаваны навукова-тэхнічным прадпрыемствам „Буравая тэхніка”. „Свідравіна будзе ацэначна-эксплуатацыйнай, з вертыкальным ствалом. Праектная глыбіня – 5 470 м. Пабудаваць свідравіну плануем за 175 сутак”, – расказаў галоўны інжынер ТАА „Сэрвіс Ойл” Сяргей Кузуб.
Нядаўна беларускія спецыялісты пабудавалі яшчэ адну свідравіну – 43-ю Семірэнкаўскую. 17 студзеня завершана яе асваенне. Цяпер абсталяванне і спецыялісты рыхтуюцца да пераезду на пляцоўку будучай свідравіны нумар 53 Мачухскага радовішча. Як адзначылі ў прэс-службе, гэта плошча – адна з самых складаных для асваення ва Украіне з запасамі 5,2 млрд кубаметраў прыроднага газу. Тут беларускім буравікам трэба будзе пабудаваць разведачную свідравіну з вертыкальным ствалом. Праектная глыбіня 5 850 м.