„Беларуснафта” пачала здабычу нафты ў Эквадоры
Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта” пачало здабычу нафты ў Эквадоры. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па геалогіі Пётр Поўжык.
Размова ідзе аб радовішчы „Армадыльё” на блоку 55. Свае работы беларускія нафтавікі праводзяць у адпаведнасці з кантрактам, які быў заключаны з дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй Эквадора „Петраамазонас”. У ходзе рэалізацыі праекта выкананы геалагічныя даследаванні на аснове даных сейсмаразведкі, спраектаваны і пабудаваны інжынерныя камунікацыі. „На аснове даных, атрыманых у выніку апрацоўкі сейсмічнай здымкі 3D, спецыялісты „Беларуснафты” рэкамендавалі да бурэння тры свідравіны”, – адзначыў субяседнік.
Пры будаўніцтве свідравіны „Армадыльё-2” у пласце volcanica былі адзначаны павышаныя газаўтварэнні. Геалагічныя даследаванні і далейшыя даныя гэтага аб’екта пацвердзілі, што беларускія спецыялісты адкрылі новую залеж нафты на радовішчы. У выніку з пласта volcanica атрыманы ўстойлівы прамысловы прыток бязводнай нафты.
Цяпер на радовішчы пабудаваны дзве свідравіны, пачалася іх пробная эксплуатацыя. У перспектыве будаўніцтва яшчэ адной свідравіны. Далейшыя работы прадугледжваюць прадаўжэнне вывучэння нетраў з мэтай удакладнення месцаразмяшчэння наступных эксплуатацыйных свідравін. „Плануецца здабыць больш за 10 млн бараляў нафты. Эквадор стаў другой лацінаамерыканскай краінай пасля Венесуэлы, дзе „Беларуснафта” пачала здабычу нафты”, – падкрэсліў Пётр Поўжык.