„Беларуснафта” падвысіла цэны на аўтамабільнае паліва
27 студзеня «Беларуснафта” падвысіла на аўтазапраўках цэны на аўтамабільнае паліва.
Паводле інфармацыі сайта сеткі АЗС, рознічныя цэны на дызельнае паліва павялічаныя на 1 капейку за літр — да 1 рубля 54 капеек, бензіны ўсіх марак падаражэлі на 2 капейкі: АІ-92-К5-Еўра — да 1 рубля 43 капеек, АІ-95- К5-Еўра — да 1 рубля 54 капеек.
Як паведамлялася, 3 студзеня рознічныя цэны на дызпаліва на аўтазаправачных станцыях „Беларуснафта” знізіліся на 1 капейку за літр, на бензіны — на 2 капейкі. Як паведамляла БелаПАН прэс-сакратар „Белнафтахіма” Марына Касцючэнка, паліва патаннела па рэкамендацыі кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. „Канцэрн рэкамендаваў найбуйнейшай сетцы, якая ўваходзіць у склад „Белнафтахіма”, знізіць цэны ў мэтах выканання тых заяў, якія былі зробленыя кіраўніцтвам напярэдадні Новага года”, — адзначыла яна.
30 снежня старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў заявіў, што ў першы тыдзень студзеня цана бензіну і дызельнага паліва на АЗС краіны можа быць зніжана зыходзячы з кошту барэля нафты. „Мы застаёмся прыхільнікамі планавага і планамернага змянення цэн, — паведаміў ён у эфіры тэлеканала „Беларусь1″. — Хачу сказаць, што намі ўнесены прапановы на студзень па змяненні і — што радуе — па зніжэнні цаны на ўнутраным рынку. Гэта будзе разгледжана зыходзячы з фактычнай цаны барэля ў першыя дні студзеня — другога-трэцяга чысла, але ўжо можна сказаць, што ў дыяпазоне 52—55 долараў за барэль разглядаецца змяненне, зніжэнне, цэны. Каля адной капейкі на дызель і дзвюх капеек на аўтабензіны”.
У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў (апошні раз 16 снежня), што ў „Белнафтахіме” тлумачылі неабходнасцю „кампенсацыі выдаткаў НПЗ па набыцці вуглевадароднай сыравіны”. Паводле інфармацыі канцэрна, за студзень-снежань 2018 года сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 71,1 долара ЗША.
20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзенне ў Расіі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5-7%. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што, па разліках ўрада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 долар за тону з выхадам на сусветныя цэны да 2024 года.