«Беларуснафта» прапануе падвысіць цэны на паліва



«Беларуснафта» прапануе падвысіць цэны на аўтамабільнае паліва хаця б на 5%. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік гендырэктара ВА «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў, піша Tut.by.

«Кошт бараля нафты на сусветных пляцоўках вырасла да 59 даляраў. Сёння ў Беларусі бензін каштуе танней, чым у Расеі, якая здабывае ў шмат разоў больш нафты. Кан’юнктура рынку падштурхоўвае да таго, што цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі могуць падвысіцца, — сказаў Сяргей Каморнікаў.

Па словах Каморнікава, ёсць падставы для падвышэння цэнаў на 5%. Зараз продажы на ўнутраным рынку стратныя. Іх кампенсуюць толькі пастаўкі нафтапрадуктаў на экспарт. «З пункту гледжання кан’юнктуры, зыходзячы з цэнаў у сумежных краінах, такі ўзровень росту цэнаў быў бы дастаткова разумным і аб’ектыўным», – дадаў намеснік гендырэктара.

Нагадаем, апошні раз цана на паліва змянялася 6 траўня 2017 года. Тады кошт паліва вырас на 1 капейку, і гэта стала шостым з пачатку года падаражэннем.