„Беларуснафта” здабыла 135-мільённую тону чорнага золата ў краіне



 Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта” здабыла 135 млн т нафты з пачатку прамысловай эксплуатацыі нафтавых радовішчаў на тэрыторыі краіны.

Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік начальніка – галоўны інжынер нафтагазаздабыўнога ўпраўлення „Рэчыцанафта” Сяргей Ласіца.

„У 2018 годзе плануецца здабыць 1,67 млн т нафты. Вызначыць жа радовішча або канкрэтную свідравіну, з якой паднята 135-міліённая тона, немагчыма”, – расказаў Сяргей Ласіца. 

Паводле яго слоў, спецыяльны ўлік дае магчымасць вызначыць аб’ём здабытай нафты за суткі, месяц, год – за любы перыяд. Працэс здабычы вуглевадароднай сыравіны бесперапынны. Нафта з усіх радовішчаў краіны збіраецца па закрытай сістэме, ад кожнай свідравіны па асобным трубаправодзе транспартуецца да пунктаў прыёму і падрыхтоўкі. 

  • Беларускія нафтавікі 1 млн т здабылі ў 1967 годзе, мяжа ў памеры 100 млн т была пераадолена ў 1998 годзе. Найстарэйшае і адно з буйнейшых радовішчаў чорнага золата ў Беларусі – Рэчыцкае. 
  • На пачатак 2018 года ў Беларусі адкрыта 87 радовішчаў нафты і газакандэнсату, размешчаных у межах Прыпяцкага прагіну. У распрацоўцы знаходзяцца 65 нафтавых радовішчаў. Агульны эксплуатуемы фонд свідравін – больш як 820, сярэдняя глыбіня дасягае 3,2 тыс. м, самыя глыбокія свідравіны – больш за 5 тыс. м.

zviazda.by