„Беларуснафце” перададзеныя два радовішчы з запасам нафты болей за 1,3 млн тон
Навукова-практычны цэнтр па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў гэтым годзе перадаў дзяржаўнаму аб’яднанню „Беларуснафта” два радовішчы з пацверджанымі ў выніку дадатковай разведкі запасамі нафты 1,325 млн тон, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара цэнтра Галіна Качанко на прэс-канферэнцыі 31 сакавіка ў Менску.
Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра радовішчы „Паўночна-Бярэзінскае”, запас нафты якога ацэнены прыкладна ў 800 тыс. тон, а таксама „Шумяціцкае” з запасам нафты 525 тыс. тон. Абодва радовішчы знаходзяцца ў Гомельскай вобласці.
Начальнік упраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Васіль Колб паведаміў, што ў 2019 годзе аб’яднанне „Беларуснафта” самастойна правяло дадатковую разведку на распрацоўваных радовішчах нафты і выявіла новыя запасы гэтай вуглевадароднай сыравіны ў аб’ёме 1,7 млн тон.
НПЦ па геалогіі ў выніку даразведкі нафтавых радовішчаў у мінулым годзе пацвердзіў наяўнасць новых запасаў гэтага рэсурсу на ўзроўні 978 тыс. тон.
На партале галіновага часопіса „Веснік Белнафтахіма” ў лютым 2020 года было адзначана, што, паводле ацэнак „Беларуснафты”, пры цяперашнім узроўні здабычы — каля 1,7 млн тон за год — разведаных запасаў нафты Беларусі хопіць на 30 гадоў. Такім чынам, пацверджаны аб’ём запасаў гэтага рэсурсу ў краіне складае каля 51 млн тон.
belapan.by