Беларусы будуць шукаць газ ва Украіне
Спецыялісты РУП ВА „Беларуснафта” плануюць найбліжэйшым часам удзельнічаць у разведцы газавых радовішчаў ва Украіне. Пра гэта журналістам паведаміў 21 жніўня намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі аб’яднання Пётр Поўжык падчас наведвання Савіцка-Бабровіцкай разведвальнай пляцоўкі (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці).
„У цяперашні час мы вельмі актыўна разглядаем рынак Украіны, дзе ў нас ужо падпісаны тры дагаворы з мясцовымі кампаніямі, і два дагаворы знаходзяцца на ўзгадненні. Мы плануем у гэтым і наступным годзе актыўна супрацоўнічаць па сейсмічных даследаваннях у суседняй краіне”, — паведаміў Поўжык.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра разведачныя работы адносна радовішчаў прыроднага газу. „Не прынцыпова, нафтавыя гэта актывы або газавыя. Самае галоўнае — гэта вызначыць структурны план, структурны фактар, яго плошчу і далей ужо ацэньваць рэсурсную базу”, — падкрэсліў спецыяліст.
Кажучы пра экспарт паслуг, прадстаўнік „Беларуснафты” адзначыў, што беларускія геафізікі за апошнія гады добра сябе зарэкамендавалі і ў лацінаамерыканскіх краінах, у прыватнасці ў Венесуэле і Эквадоры. „Мы былі прызнаныя ў Эквадоры лепшай сейсмічнай кампаніяй. Па выніках працы нашых спецыялістаў у Эквадоры мы пачалі бурэнне першых свідравін, атрымалі вельмі добрыя вынікі”, — падсумаваў намеснік генеральнага дырэктара.