Беларусы едуць па аўто ў Расею
Істотнае аслабленне расейскага рубля ў адносінах да даляра і еўра прывабіла на расейскі аўтамабільны рынак сотні пакупнікоў-беларусаў. Легкавыя аўтамабілі цяпер значна выгадней купляць у Расеі. Гэтая сітуацыя абрынула беларускі аўтамабільны рынак у стагнацыю, кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:
– На нас цісне расейскі рынак вытворцаў аўтамабіляў, бо за кошт дэвальвацыі іх іншамаркі, жыгулі ды заходнія брэнды, якія збіраюць у Расеі, патаннелі дзесьці на 30%. І зараз ідуць караваны аўтамабіляў на транзітах са Смаленска ў Беларусь. Беларусы купляюць там, дзе танней. Таму перспектывы, шчыра кажучы, невясёлыя на наступны год для вытворцаў беларускіх аўтамабіляў.
Куды будуць прадаваць аўтамабілі замежных брэндаў, якія пачынаюць збіраць у Беларусі, – вялікае пытанне, бо ўнутраны рынак не праглыне такую колькасць, – адзначыў эканамічны аглядальнік.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота 101shag.ru